Перайсці да зместу

Дамініканская Рэспубліка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Дамініканская Рэспубліка
ісп.: República Dominicana
Герб Дамініканскай Рэспублікі
Сцяг Дамініканскай Рэспублікі Герб Дамініканскай Рэспублікі
Дэвіз: «Dios, patria, libertad (Бог, айчына, свабода)»
Гімн: «Quisqueyanos valientes»
Дата незалежнасці 27 лютага 1844 (ад Гаіці)
Афіцыйная мова іспанская
Сталіца Санта-Дамінга
Найбуйнейшы горад Санта-Дамінга
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт Луіс Абінадэр
Дзярж. рэлігія Каталіцызм
Плошча
• Усяго
• % воднай паверхні
128-я ў свеце
48 730 км²
1,6
Насельніцтва
• Ацэнка (2017)
Шчыльнасць

10,7 млн чал. (85-я)
227 чал./км²
ВУП
  • Разам (2017)
  • На душу насельніцтва

$174 млрд  (72-ы)
$17 500
Валюта Дамініканскае песа
Інтэрнэт-дамен .do
Код ISO (Alpha-2) DO
Код ISO (Alpha-3) DOM
Код МАК DOM
Тэлефонны код +1-809, 1-829
Часавыя паясы -4
Карта

Дамініка́нская Рэспу́бліка (ісп.: República Dominicana [reˈpublika dominiˈkana]) — дзяржава ў Карыбскім басейне, займае ўсходнюю частку вострава Гаіці і некаторыя прылеглыя астравы. Плошча тэрыторыі — 48,4 тыс.кв.км. Пік Дуартэ — вышэйшая кропка вострава Гаіці і ўсёй Вэст-Індыі. Насельніцтва — 10,7 млн чалавек; 73 % — метысы і мулаты, 16 % — белыя, 11 % — негры. Сталіца — Санта-Дамінга (2,8 млн чалавек). На тэрыторыі сучаснай Дамініканскай рэспублікі Калумб заснаваў першую калонію ў Новым Свеце (1493). Да 1821 года пад назвай Санта-Дамінга з’яўлялася калоніяй Іспаніі. Дзяржаўная мова — іспанская. Рэлігія — каталіцтва. Нацыянальнае свята — Дзень незалежнасці — 27 лютага (1844). Грашовая адзінка — дамініканскае песа. Першая па аб’ёме ВУП дзяржава Карыбскіх астравоў. У 2014—2017 — лідар па тэмпах росту ВУП у Амерыцы. Найбольш папулярная для турыстаў краіна Антыльскіх астравоў. Самыя папулярныя забавы — дайвінг і круглагадовая гульня ў гольф.

Большую частку сваёй гісторыі (да незалежнасці) калонія была вядомая як «Санта-Дамінга», названая так у гонар яе святога заступніка, Святога Дамініка. Рэвалюцыянеры назвалі сваю новаздабытую незалежную дзяржаву «Ла Рэпубліка Дамінікана».

Геаграфічнае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

Займае ўсходнюю і цэнтральную частку (пяць восьмых плошчы) вострава Гаіці і прыбярэжныя выспы, найбуйнейшыя з якіх — Каталіна і Беата блізу паўднёвага ўзбярэжжа. На поўначы абмываецца Атлантычным акіянам, а на поўдні — Карыбскім морам. Заходнюю частку вострава займае Рэспубліка Гаіці, адзіная краіна, з якой у Дамініканскай Рэспублікі сухапутная мяжа (360 км). Ад Пуэрта-Рыка аддзеленая пралівам Мона. Другая па плошчы дзяржава Карыбскіх астравоў.

Рэльеф Дамініканскай рэспублікі, як і ўсяго вострава Гаіці, што ляжыць паміж Карыбскай і Паўночна-Амерыканскай літасферных пліт, мае гарысты характар. Хрыбты і глыбокія даліны арыентаваны пераважна з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Восевы хрыбет — Кардыльера-Сэнтраль, сярэдняя вышыня хрыбта складае 1800 м над узроўнем мора, у яго цэнтральнай частцы размяшчаецца пік Дуартэ (3087 м) — вышэйшая кропка краіны і ўсёй Вэст-Індыі. Усе горныя сістэмы, акрамя Кардыльеры-Септынтрыяналь на паўночным усходзе, маюць працяг у гаіцянскай частцы вострава. На крайнім усходзе — вапняковае плато. З карой выветрывання звязаны паклады баксітаў. Клімат — трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература складае +25 ° С. Характэрны летні максімум ападкаў з пікамі ў красавіку-чэрвені і верасні-кастрычніку; на падветраных схілах паўднёвага захаду краіны выпадае 500—800 мм ападкаў у год, у той час як на наветреных схілах — да 2500 мм. Найбуйнейшыя рэкі — Юна і Сан-Хуан[en] — працякаюць у міжгорных далінах. З дамініканскіх гор сцякае рака Артыбаніт, ужо ў Гаіці яна ўпадае ў заліў Ганаў. Паміж хрыбтамі поўдня ляжыць рыфтавай даліна Оя-дэ-Энрыкілья (у Гаіці — упадзіна Кюль-дэ-Сак), якая каля 1 млн гадоў таму была марскім пралівам, пра што сведчаць рэшткавыя салёныя азёры, найбуйнейшае — Энрыкілья. Расліннасць падветраных схілаў — кактусы, багаткі, пальма Сабаль, ўнутраныя даліны — саванны з хвоямі і каралеўскай пальмай. На наветреных схілах гор — вечназялёныя змешаныя трапічныя лясы (махагоні, дальбергія, кампешавае дрэва). З млекакормячых — агуці і завезеныя для барацьбы з пацукамі мангусты, здзічэлыя козы. У возеры Энрыкілья водзяцца кракадзілы.

Востраў, з 7 стагоддзя заселены плямёнамі таіна, быў адкрыты 6 снежня 1492 года Хрыстафорам Калумбам і названы ім Эспаньёла («Маленькая Іспанія»); ўжо ў канцы 15 стагоддзя пачалася іспанская каланізацыя. У 1493 годзе Калумб заснаваў паселішча Ла-Ісабела, названае ў гонар каралевы Ізабелы, на ўсходзе вострава. Яно стала першай іспанскай калоніяй у Амерыцы і да 1795 тэрыторыя сучаснай рэспублікі была калоніяй Іспаніі пад назвай Санта-Дамінга. У 1496 г. брат Калумба, Барталамеа Калумб, заснаваў на паўднёвым беразе вострава горад Санта-Дамінга-дэ-Гусман. У 16 стагоддзі індзейскае насельніцтва было практычна цалкам знішчана.

У 1795 годзе ўвесь востраў быў захоплены французамі, якія да гэтага валодалі яго заходняй часткай. У 1804 годзе пасля паспяховай гаіцянскай рэвалюцыі (1791—1803) увайшла ў склад Гаіці, дзе ўлада належала чарнаскураму большасці. У 1808 годзе Іспанія зноў вярнула сабе ўсходнюю частку вострава. У 1821 годзе ў выніку вызваленчай вайны Санта-Дамінга атрымала незалежнасць. Лідар руху за незалежнасць Хасэ Касерэс заклікаў дамініканскую нацыю аб’яднацца з Вялікай Калумбіяй, але ў 1822 годзе маладая дзяржава было захоплена суседняй Рэспублікай Гаіці.

У 1844 годзе адбылося антигаіцянскае паўстанне і была абвешчана Дамініканская Рэспубліка. У 1861 годзе іспанцы зноў падпарадкавалі Дамінікану, але ўжо ў 1865 былі выгнаны назаўжды[es]. Другая палова 19 стагоддзя прайшла ў эканамічных крызісах, пры нарастаючым уплыве ЗША (вяліся нават перамовы аб далучэнні Дамініканы да ЗША) які пераўтварыўся ў поўную эканамічную залежнасць. Зрэшты, палітычнай бязладзіцы і бясконцых зменаў рэжымаў не назіралася. Ваенныя прэзідэнты Эро, Касерэс кіравалі больш за 10 гадоў кожны, хоць і былі забітыя ў выніку пераваротаў 1899 і 1911 адпаведна.

1916—1924 — амерыканская акупацыя[ru]. У 1930—1961 краінай кіраваў дыктатар Рафаэль Трухілья. Нецярпімы да іншадумства, ён пераследваў неграў-гаіцян, аднак заявіў пра гатоўнасць Дамініканы прыняць яўрэйскіх уцекачоў у час Другой сусветнай вайны. Ва ўмовах нарастаючага палітычнага і эканамічнага крызісу 30 мая 1961 года Трухілья быў забіты. У 1961 годзе на пасаду прэзідэнта быў абраны Хаакін Балагер правацэнтрыст, звяржэнне якога і наступная левая арыентацыя Дамініканы прывялі да інтэрвенцыі ЗША ў 1965. У 19651996 з невялікім перапынкам Балагер дэмакратычна абіраўся на пасаду прэзідэнта Рэспублікі, такім чынам, стаўшы сяміразовым прэзідэнтам. У пачатку 21 стагоддзя ўлада перайшла і застаецца ў руках левых партый.

Дзяржаўны лад

[правіць | правіць зыходнік]

Дэмакратычная прэзідэнцкая рэспубліка, прэзідэнт абіраецца на шасцігадовы тэрмін, другі тэрмін запар не прадугледжаны. Пасада прэм’ер-міністра адсутнічае, прэзідэнт сам з’яўляецца галоўным ва урадзе. Двухпалатны парламент: сенат (32 члены) і палата дэпутатаў (178 членаў), абіраюцца на 4 гады. Унітарная рэспубліка, дзеліцца на 31 правінцыю і Нацыянальную акругу Санта-Дамінга.

Асноўнымі палітычнымі партыямі з’яўляюцца ДРП (сацыял-дэмакратычнай арыентацыі, заснавана ў 1939, уваходзіць у Сацінтэрн), Дамініканская партыя вызвалення (прытрымліваецца цэнтрысцкіх пазіцый, заснавана ў 1973, старшыня — Л. Фернандэс) і Рэфармісцкая сацыял-хрысціянская партыя.

Адносіны з Беларуссю

[правіць | правіць зыходнік]

26 ліпеня 1999 г. быў падпісаны Загад № 429 Прэзідэнта Рэспублкі Беларусь «Аб устанаўленні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Дамініканскай Рэспублікай». Дыпламатычныя адносіны з Рэспублікай Беларусь усталяваны ў красавіку 2001 г.

Па колькасці насельніцтва ў 2010-я Дамініканская Рэспубліка практычна зраўнялася з Гаіці. Натуральны прырост — 1,4 %, міграцыйны — −0,2 %. 27 % насельніцтва — асобы маладзей за 15 гадоў. Расавы склад: мулаты і метысы — 73 %, белыя — 16 %, цемнаскурыя — 11 %. Асобную групу насельніцтва складаюць нелегальныя імігранты з Гаіці (пераважна цемнаскурыя, якія размаўляюць на гаіцянскай крэольскай), што часта падвяргаюцца дыскрымінацыі і становяцца прычынай сацыяльнай напружанасці. Дзяржаўная мова — іспанская, яна ж з’яўляецца асноўнай гутарковай мовай. Сярод хрысціян, якія складаюць 95 % насельніцтва пераважаюць каталікі (57 %) і пратэстанты (23 %). Палова насельніцтва краіны пражывае ў даліне Сібаа паміж Кардыльерай-Сэнтраль і Кордыльерай-Септынтрыяналь. Урбанізацыя — 80 % (2017). У сталічнай агламерацыі Санта-Дамінга пражывае больш за 2,8 млн чалавек (2015). Іншыя вялікія гарады — Сант’яга-дэ-лос-Кабальерас (больш за 1,3 млн), Пуэрта-Плата (330 тысяч).

Грашовая адзінка — дамініканскае песа. ВУП на душу насельніцтва — каля 17 000 долараў (2017). Найбуйнейшая эканоміка Карыбскага рэгіёну. У 19922014 штогадовы рост ВУП у сярэднім складаў 5,2 %, у 20142017 — каля 7 %. Да канца 20 стагоддзя эканамічны твар краіны вызначала сельская гаспадарка. Сёння імкліва развіваюцца будаўніцтва, турызм, здабыўная і апрацоўчая прамысловасць. Значны даход прыносяць грашовыя пераводы эмігрантаў. Далучэнне ДР да зоны свабоднага гандлю ЗША — Цэнтральная Амерыка павялічыла прывабнасць краіны для замежных фундатараў.

Найважнейшая галіна эканомікі — турызм (больш за 5 млн турыстаў штогод, першае месца сярод Карыбскіх дзяржаў). Амерыканскія турысты высока цэняць круглагадовыя палі для гольфа. Дамініканская Рэспубліка асабліва прывабная для актыўнага дайвінгу. Развітыя здабыўная прамысловасць: здабыча феранікелю, срэбра і золата (шахта Пуэбла-В'еха, найбуйнейшая ў Амерыцы і другая ў свеце — запасы ў 25,3 млн унцый золата і 120 млн унцый срэбра). Экспартуецца прадукцыя тэкстыльнай прамысловасці; цукровай і тытунёвай, машынабудавання (медыцынскія прылады). На ЦЭС прыходзіцца 86 % выпрацоўкі электраэнергіі. Ва ўсходняй частцы краіны — плантацыі цукровага трыснягу. Вырошчваюцца кава, какава-бабы, тытунь. Разводзяць буйную рагатую жывёлу. Ёсць тры не электрыфікаваныя чыгункі: адна экспартная, да порта Санчыс, шырыня каляіны 1067 мм; дзве іншыя маюць еўрапейскую шырыню каляіны (1435 мм). Асноўны гандлёвы партнёр — ЗША (45 % знешняга гандлю). Іншыя гандлёвыя партнёры — ЗША, Канада, краіны Еўрапейскага Саюза, Японія, Тайвань, Мексіка і Венесуэла. З апошняй дзейнічае дагавор пра пастаўкі ў Санта-Дамінга 50 тыс. барэляў нафты ў дзень за кошт ільготнага крэдыту. У 2005 г. Дамініканская Рэспубліка далучылася да рэгіянальнага энергетычнага праекта «Петракарыбэ».

Некаторыя цікавінкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • 27 лютага 2008 года ў Санта-Дамінга было праведзена афіцыйнае адкрыццё першай лініі метро. На сённяшні дзень метро складаецца з дзвюх ліній.
  • Дасведчаным дайверам варта звярнуць увагу на Padre Nuestro — працяглую сістэму падводных пячор з маляўнічымі сталактытамі.
  • Дамініканская Рэспубліка вядомая як радзіма музычнага стылю і танца мерэнге.
  • Першыя сабор, замак, кляштар і крэпасць, пабудаваныя ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы можна ўбачыць у каланіяльнай зоне Санта-Дамінга, якая з’яўляецца аб’ектам Сусветнай спадчыны.
  1. https://data.iana.org/time-zones/tzdb-2021e/northamerica